АСА́МСКІЯ ГО́РЫ,

плато Шылонг, Мегалая, нагор’е на ПнУ Індыі. Даўж. каля 350 км, выш. да 1961 м. Зах. частка Асамскіх гор расчлянёна на групы невысокіх купалападобных узвышшаў і гор са спусцістымі вяршынямі і глыбока ўрэзанымі рачнымі далінамі. Усх. частка — пласкагор’е са стромкімі паўд. схіламі. Складзены пераважна з гнейсаў, крышталічных сланцаў, гранітаў; схілы моцна эрадзіраваны. Радовішчы каменнага вугалю. Асамскія горы — адно з самых вільготных месцаў на зямным шары (да 12 тыс. мм ападкаў за год у Чэрапунджы). Вільготныя трапічныя лясы, хмызняковыя зараснікі. Чайныя і цытрусавыя плантацыі.

т. 2, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)